Беларуская Служба

У Сандармоху на месцы масавых расстрэлаў расійскія ўлады паставілі дошку з  дэзінфармацыяй (ФОТА)

08.08.2024 10:30
На месцы памяці і пахавання ахвяраў вялікага тэрору ў Сандармоху расійскія ўлады спрабуюць распаліць нацыянальную варажнечу.
Аўдыё

Побач з помнікам польскім ахвярам сталінскіх рэпрэсій паставілі дошку з надпісам «Палякі рытуальна знішчаюць памяць пра загінулых расійскіх салдат у Польшчы».

Таксама напісана пра знішчэнне 468 помнікаў савецкім воінам-вызваліцелям і ёсць тры фотаздымкі помнікаў, якія фактычна былі знесены. Вялікімі літарамі ўнізе дошкі задаюць пытанне: "Што далей? Ці цяпер будуць ставіць помнікі А. Гітлеру і С. Бандэру???


5 жніўня адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяраў вялікага тэрору ў Сандармоху, і больш нідзе ў Расіі, акрамя Сандармоха, гэты дзень не з'яўляецца памятнай датай.

Да анексіі Крыма і ўварвання ва Украіну тут праходзілі афіцыйныя цырымоніі з удзелам дыпламатаў з многіх краін і рэгіёнаў Расіі. Прыязджалі дэлегацыі з розных краін, бо тут пахаваны прадстаўнікі многіх нацыянальнасцей, рэлігій і вераванняў.

Сёлета 5 жніўня на месца памяці ў Сандармоху прыбылі некалькі чалавек: польскія, нямецкія, фінскія, нарвежскія і шведскія консулы. Іх суправаджалі расійскія афіцэры ў форме, псеўдаказакі і расійскія «маладыя патрыёты».

Сандармох пад Мядзвежагорскам (Карэлія) быў месцам масавых расстрэлаў і пахаванняў падчас Вялікага тэрору. Гэта адно з найбуйнейшых пахаванняў, дзе ў брацкіх магілах засыпалі целы ахвяр сталінскіх рэпрэсіяў. Тут былі знішчаны 5130 жыхароў Карэліі, зняволеныя і адселеныя ў адміністрацыйным парадку на спецпасяленні ў рамках сістэмы рэпрэсій савецкага Белбалтлага, а восенню 1937 года расстралялі 1111 вязняў Салавецкай турмы асаблівага прызначэння. Сярод забітых былі таксама ахвяры т.зв кулацкай аперацыі і Нацыянальных аперацый НКУС, у тым ліку «польская аперацыя».

Паводле падлікаў польскіх даследчыкаў, сярод расстраляных у Сандармоху 6241 савецкіх грамадзян было не менш за 240 палякаў і не менш за 20 чалавек іншых нацыянальнасцей, якія нарадзіліся ў Польшчы.

У гэтай карэльскай глушы былі расстраляныя і беларускія дэпутаты Сейму ІІ Рэчы Паспалітай — Флагонт Валынец і Павел Валошын.

яс


ФОТА з уласных крыніц